МТГ «RэЗэрвацыЯ»

МТГ «RэЗэрвацыЯ» 

Пераклад і лакалізацыя / Перевод и локализация

4subscribers

19posts

ЭТАПЫ СТАНАЎЛЕННЯ БЕЛАРУСКАЙ ІТ-ТЭРМІНАЛОГІІ (КАРОТКІ НАРЫС)

Нарыс не прэтэндуе на ўсёабдымнасць і ставіць за мэту коратка растлумачыць чаму ў сучаснай беларускай ІТ-тэрміналогіі нешта менавіта так, а не неяк іначай. У рамках гэтага нарысу словы «беларускі», «беларускамоўны» і падобныя наўмысна прапускаюцца, калі таго дазваляе кантэкст.
1969-1984: «НУЛЯВЫ» ЭТАП
Пра існаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім слова «компуторъ» ведае толькі Валянцін Вячорка :-), а таму адразу пераходзім да БССР 1960-х.
Гэта час, калі праграмісты сустракаліся гэтак жа часта, як фізікі-ядзершчыкі (другія, дарэчы, сустракаліся часцей), камп’ютары займалі цэлыя залі, а кібернетыка і генетыка толькі нядаўна перасталі быць «продажными девками импералиализма». А таму ў стварэнні нацыянальнай тэрміналогіі ў нагэтулькі вузкай галіне банальна не было патрэбы.
Між тым, годам з’яўлення беларускай ІТ-тэрміналогіі можна лічыць 1969-ы — калі свет пабачыў першы том «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», у якім змясціліся артыкулы «Аналогавыя вылічальныя машыны (АВМ)» (менавіта праз О — аналОгавыя), «Арыфметычны блок» і «Алгол» (назва мовы праграмавання). Ну і само сабой «Алгарытм». У 3-м томе (1971 г.) ужо былі артыкулы «Вылічальная машына», «Вылічальная машына “Мінск”», «Вылічальная тэхніка» і «Вылічальны цэнтр».
Для навін у СМІ і навукова-папулярных публікацый гэтага было больш чым дастаткова.
1985-1989
Пры канцы 1970-х у свеце з’яўляюцца персанальныя камп’ютары, у маі 1981 ў СССР распрацоўваецца «ЭВМ индивидуального пользования “Электроника НЦ-8010”», а пасля і іншыя бытавыя і вучэбныя камп’ютары, у тым ліку наша мінская «Няміга». Выкладанне інфарматыкі спярша ўводзіцца ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах (1983-84), а потым (1985-86) і ў сярэдняй школе. Ідзе «Перабудова», па СССР адбываецца абуджэнне нацыянальна-арыентаваных сіл, на 1986/87 плануецца выпуск школьнага падручніка па інфарматыцы на нацыянальных мовах усіх рэспублік, у тым ліку беларускай.
Паваротным пунктам можа лічыць «Русско-белорусский словарь по микроэлектронике» (1990) Матсана, які хай і быў банальнай выбаркай адпаведных тэрмінаў з «Русско-белорусского словаря» Глебкі, Коласа і Крапівы, усё-ткі стаў першым спецыялізаваным слоўнікам у сферы беларускага ІТ.
1991-1999
Абвяшчаецца незалежнасць Беларусі, IBM-сумяшчальны камп’ютар з матрычным прынтарам каштуе як аднапакаёўка ў Маскве, клон ZX Spectrum’а — як аўтамабіль. Далей усё з кожным годам таннее, і настае пяцігодка павальнага панавання «спектрумаў». Асноўнай задачай і праблемай стаіць як прымусіць гэтыя цуды тэхнічнай думкі набіраць, адлюстроўваць на экране і друкаваць на прынтары хоць бы базавую кірыліцу, не тое што беларускія І і Ў.
Выходзіць «Руска-беларуска-англійскі слоўнік па інфарматыцы» (1992) Савіцкага, першы слоўнік па інфарматыцы, а затым і «Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы» (1994) Бузы, які сваёй грунтоўнасцю і якасцю поўнасцю задавальняе патрэбы свайго часу. У школах з’яўляюцца падручнікі па інфарматыцы на беларускай мове. Робяцца першыя беларусізацыі праграмнага забеспячэння.
А ў 1995 адбываюцца дзве знакавыя рэчы — у Беларусі праводзіцца рэферэндум, у выніку якога моўная палітыка кардынальна змяняецца, а беларусізацыя краіны скасоўваецца, а выхад у свеце Windows 95 абвяшчае канец эпохі MS-DOS. Абедзве падзеі ў звязцы прычыняюцца да пэўнай «замарозкі» на колькі гадоў развіцця беларускай ІТ-тэрміналогіі, што стварае пэўнае адставанне ў гэтай галіне, якое давядзецца пазней наганяць і наганяць.
1999-2009: «ДЗІКАЯ» ТЭРМІНАЛОГІЯ
Адыходзяць у нябыт «спектрумы», IBM-сумяшчальныя персанальныя камп’ютары паступова перастаюць быць фінансава недаступнымі для большасці насельніцтва Беларусі, і ўжо ў сярэдзіне 2000-х з прадметаў раскошы пераходзяць у разрад бытавой тэхнікі.
Гэты этап ідзе пад сцягамі двух знакавых суполак.
Першая — створаная ў 2002 рассылка Belarusian i18n list <i18n@mova.org>. Гэтая канферэнцыя амаль дзесяцігоддзе (хай і са зменным поспехам) трымала пальму пяршынства ў стварэнні беларускай ІТ-тэрміналогіі і беларусізацыі софту, найперш Linux’а (так, быў час, калі беларускія лінуксоіды былі лакаматывам беларускамоўнай computer science!)
Другая — нават не суполка, а адзін чалавек: Алег Азароўскі, стваральнік беларуска-руска-беларускага перакладчыка «Белазар» і сайта-агрэгатару беларусізацый «Софт па-беларуску» (сайт існуе і дагэтуль, а не абнаўляецца).
Праграмы перакладаюцца (найчасцей з рускіх перакладаў, што не можа не накласці пэўны адбітак на тагачасную тэрміналогію), тэрміны шукаюцца, падбіраюцца, выдумляюцца, адкідваюцца, назапашваюцца. Адным словам, праца ідзе.
2010: ГРУПА ПА ЎНАРМАВАННІ БЕЛ ІТ-ТЭРМІНАЛОГІІ
У 2007 ствараецца сайт “Беларускі кампутарны слоўнік”, ён жа kamputerm.org, які ставіць сабой задачу сабраць усе магчымыя варыянты бел ІТ-тэрмінаў у адным месцы.
У 2010 на базе гэтага інтэрнэт-рэсурсу ствараецца Група сістэматызацыі беларускай кампутарнай тэрміналогіі, у якую ўвайшлі ахвочыя праграмісты, мовазнаўцы, перакладчыкі і проста зацікаўленыя карыстальнікі. Фактычна гэта апошні праект, у якім супрацоўнічаюць прадстаўнікі акадэмічнага («наркамаўкі») і альтэрнатыўнага («тарашкевіцы») мовазнаўства.
Група збіраецца на працоўныя сустрэчы па 2014 уключна, у выніку чаго дасягаюцца адносныя кансэнсус (часам вымушаны) і згода ў асноўных камп’ютарных тэрмінах, актуальных для новага часу.
2012: ЭПОХА MICROSOFT
Сярод перакладаў на іншыя мовы кампанія Microsoft бярэцца і за беларусізацыю Windows 8 і Windows Phone 8, а пазней і Office 2016.
У спадчыну беларускім перакладчыкам дастаюцца ранейшыя ўнутраныя напрацоўкі кампаніі, у тым ліку гласарыі, якасць якіх магла быць і лепшай. Пазней усё-ткі ўдаецца дамовіцца з MS на «мяккую перазагрузку» і збольшага прывесці тэрміналогію да ладу. Аднак варта памятаць, што беларускую тэрміналогію MS можна (і трэба!) лічыць кампраміснай: былі папраўлены толькі яўныя і крытычныя хібы (напр. «прыкладанне»), а другасныя і малазначныя (напр. «разрознасць») давялося пакінуць без змен.
Таксама падчас працы над беларусізацыяй Windows практыка паказвае, што шэраг рашэнняў Групы сістэматызацыі беларускай кампутарнай тэрміналогіі быў мёртванароджаным, паколькі прымяняць іх у рэальным жыцці, а не ў рамках невялікага абмежавана адабранага набору тэрмінаў, аказваецца немагчымым.
2015-16 : ЭПОХА SAMSUNG
Смартфоны таннеюць і пакрысе выцясняюць камп’ютары.
У 2014 карпарацыя Samsung для сваіх будучых смартфонаў на АС Tizen заказвае ў тым ліку і беларускую лакалізацыю. Паколькі перакладчыкам былі развязаны рукі і гласарый укладаўся з нуля, было вырашана «нарэшце зрабіць усё правільна», укараніўшы шэраг рашэнняў і прапаноў, якія раней не трапілі ў тэрміналогію MS. Некаторыя з іх аказаліся ўдалымі (так варыянт «абагуліць» для англ. share хутка выцесніў «падзяліцца», а «відарыс» для image замяніў «выява»), некаторыя — не (уведзенае «упадабанае» для favorites з пашырэннем папулярнасці сацсетак перайшло на like). Сама ж беларусізацыя стала даступная на смартфонах Samsung з Android 6.0 у 2016.
2017 — НАШЫЯ ДНІ: ЭПОХА GOOGLE
Смартфоны становяцца неад’емнай часткай жыцця бадай кожнага чалавека.
Пачынаючы з версіі 7.x (8.х?) у «ванільным» Android беларуская мова ёсць «з каробкі»: ядро сістэмы і ўсё асноўнае адпачатку збеларусізавана кампаніяй Google, староннім вытворцам застаецца толькі лакалізаваць свае фірменныя абалонкі і софт.
Тэрміналогія Google грунтуецца на ўжо апрабаваным на Samsung матэрыяле і з’яўляецца яе лагічным працягам — яна развіваецца, папаўняецца і ўдасканальваецца кампаніяй Google дагэтуль.
Зараз мы знаходзімся менавіта на гэтым этапе развіцця ІТ-тэрміналогіі. Уласна кажучы, на гэтым можна наш гістарычны агляд можна завяршаць, але мы лічым патрэбным зрабіць яшчэ пару ўдакладненняў.
1. АЛЬТЭРНАТЫЎНАЕ МОВАЗНАЎСТВА
Усё апісанае вышэй адбываецца ў рэальным жыцці, дзе app паходзіць ад application, якое ў сваю чаргу паходзіць ад application program, якому ў беларускай мове адпавядае тэрмін «прыкладна́я (дастасоўная) праграма». Але ў жыцці, акрамя іншага, існуюць яшчэ альтэрнатыўная гісторыя (як «Новая Храналогія» Фаменкі), альтэрнатыўная медыцына (з лячэннем раку содай) і альтэрнатыўнае мовазнаўства.
У асяроддзі прыхільнікаў альтэрнатыўнай нормы беларускае мовы, «тарашкевіцы» і «прасунутай наркамаўкі» ўсё ідзе сваім альтэрнатыўным шляхам. Так, у 2000-я там бытуе слова «прыкладанне». Пасля 2010-га, калі ў выніку палітычных падзей частка актывістаў з’язджае ва Украіну, пачынае весці рэй слова «дадатак» (паколькі ва ўкраінскай ў якасці адпаведніка англ. application ужываецца слова «додаток»). Пасля падзей 2020, ізноў пасля ад’езду вялікай колькасці людзей у Польшчу, пачынаецца папулярызацыя слова «аплікацыя» (бо ў польскай камп’ютарнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца тэрмін aplikacja).
Таксама мусім адзначыць, што ва ўяўленні альтэрнатыўшчыкаў з 2010 году — пасля стварэння і працы Групы сістэматызацыі беларускай кампутарнай тэрміналогіі — у беларускай ІТ-тэрміналогіі нічога новага і вартага не адбывалася. І нават вынікаў той калегіяльнай дамоўленасці, якую з боку альтэрнатыўных мовазнаўцаў прынялі Ю.Бушлякоў, Зм.Саўка і В.Вячорка, альтэрнатыўшчыкі з нейкіх прычын не прытрымліваюцца.
Зрэшты, нядаўна зарэгістраваны ў Познані Інстытут беларускае мовы (не блытаць з мінскім Інстытутам мовазнаўства АН РБ!) з’яўляецца адказным за «тарашкевіцу» і, адпаведна, альтэрнатыўную норму беларускай мовы, таму з прапановамі, заўвагамі і пажаданнямі наконт «правільнай» беларускай ІТ-тэрміналогіі звяртацца неабходна ў гэту ўстанову.
2. «КАБІНЕТНЫЯ» СЛОЎНІКІ І ПРАЦЫ
Таксама нельга абмінуць працы так званай «кабінетнай навукі» — усё тое, што робіцца або без уліку рэальнага становішча спраў, а таму малапрымяняльнае ў рэальным жыцці, або проста для атрымання навуковых ступеняў і, як цяпер кажуць, хайпу.
Да такіх прац можна залічыць «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы» Савіцкага (як 1-ю (2009), так і 2-у (2014) рэдакцыю), які ў 2010-х ўключыў сябе ў асноўным тое, што ўстарэла і выйшла з ужытку яшчэ ў канцы 90-х, «Русско-белорусский словарь: информатика, телекоммуникации и связь, физика» (2022) Арцямёнка, які арыентуецца выключна на рускамоўную тэрміналогію, артыкулы для школьнай адукацыі аб правільнасці тэрміну «дадатак» як адпаведніка англ. application, якія поўнасцю ігнаруюць існаванне афіцыйнай беларусізацыі Windows ад MS, і шэраг іншых.
Дзякуй за ўвагу.
Subscription levels5

Неабыякавы / Неравнодушный

$2.69 per month
Вам не шкада нейкай капейчыны на нашы праекты.
Вам не жалко какой-то денюшки на наши проекты.

Данатар / Донатор

$6.8 per month
Мы яшчэ не прыдумалі, чым за такі ўнёсак узнагародзіць вас, але абавязкова што-небудзь прыдумаем.
Мы пока не придумали, чем вознаградить вас за такой вклад, но обязательно что-нибудь придумаем.

Фундатар / Спонсор

$13.5 per month
Мы яшчэ не прыдумалі, чым за такі ўнёсак узнагародзіць вас, але абавязкова што-небудзь прыдумаем.
Мы пока не придумали, чем вознаградить вас за такой вклад, но обязательно что-нибудь придумаем.

Мецэнат / Меценат

$34 per month
Мы яшчэ не прыдумалі, чым за такі ўнёсак узнагародзіць вас, але абавязкова што-небудзь прыдумаем.
Мы пока не придумали, чем вознаградить вас за такой вклад, но обязательно что-нибудь придумаем.

Магнат / Магнат

$68 per month
Мы яшчэ не прыдумалі, чым за такі ўнёсак узнагародзіць вас, але абавязкова што-небудзь прыдумаем.
Мы пока не придумали, чем вознаградить вас за такой вклад, но обязательно что-нибудь придумаем.
Go up