Hollywood Animal — са старту па-беларуску
10 красавіка 2025 у ранні доступ Steam выйшла Hollywood Animal — сімулятар галівудскага кінабізнесу XX стагоддзя.
У Hollywood Animal ёсць усё, за што любяць гульні такога жанру, — будаўніцтва, менеджмент рэсурсаў, паляпшэнні — але ўсё гэта толькі абалонка. Галоўнае ж — выбар, які вы раз за разам робіце, і людскія гісторыі, якія пішуцца ў працэсе. Капрызы, прадузятасць, залежнасці, сакрэты мінуўшчыны: шоу-бізнес — заўсёды клубок канфліктаў, і толькі вам па сілах яго разблытаць.
Гульню робіць беларуская каманда Weappy Studio, а яшчэ яна з «каробкі» мае афіцыйную, зробленую намі беларусізацыю.
«А што вы дзесяць дзён чакалі, перш чым навіну апублікаваць?» — можа абурыцца нехта. Шчыра просім прабачэння, але ні ў распрацоўшчыкаў, ні ў МТГ «RэЗервацыЯ» не было і вольнай хвілінкі нават скрыншоты зрабіць. А цяпер ёсць. Дарэчы, пра скрыншоты — вось яны.